20 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, бібліятэкары правялі інтэлектуальна-пазнавальную гульню “Сябры роднай мовы” з 4 “В” класам Радашковіцкай сярэдняй школы №1. Напачатку мерапрыемства дзецям расказалі, калі і для чаго была ўстаноўлена гэта дата і якое важнае значэнне мае мова для кожнага з нас.Пачалася гульня з фантазій. Дзецям было прапанавана ўявіць перад сабой літровы слоік і назваць словы на літару К, якія могуць змясціцца ў гэтым слоіку. У гульні “Перакладчык” дзеці перакладалі словы з беларускай мовы на рускую і наадварот. Невялікія цяжкасці ўзніклі пры правядзенні граматычнай гульні-загадкі “Метаграмы”. Каб адгадаць вершаваную метаграму, патрэбна было ў слове замяніць літару на іншую, дадзеную ў падказцы. Растлумачыць значэнні фразеалагізмаў вучням прапанавалі ў гульні “Словаведы”. Усміхнуцца і падняць дзіцячы настрой дапамагла хвілінка жартаў “Ці бывае так?”, дзе ў вершаваных радках “на сасне кукавала сарока”, “на бярозе спелі грушы”, а “сена з’ела карову”. У канцы мерапрыемства кожны прысутны вучань выйшаў да дошкі і запісаў сваё любімае слова на беларускай мове.





