Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці. Ён адзначаецца ў дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – 3 ліпеня 1944 года. Напярэдадні гэтай гістарычнай даты, 2 ліпеня 2025 года, у бібліятэцы прайшоў дзень далучэння да духоўна-маральнага і патрыятычнага наследдзя «Сіла нашай веры». Адным з мерапрыемстваў у гэты дзень стала сустрэча з настаяцелем Свята-Ільінскай царквы, благачынным Радашковіцкага царкоўнага округа, пратаіярэем Фамой Іванавічам Шаплыкам, на якую былі запрошаны святары Радашковіцкага благачыння, прыхажане Радашковіцкага храма і чытачы гарпасялковай бібліятэкі. Фама Іванавіч прадставіў гасцям даклад “Царква ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, у якім падрабязна расказаў пра працу і выпрабаванні беларускага парафіяльнага духавенства ў гады нямецкай акупацыі, падкрэсліў іх патрыятызм і адданасць сваёй Радзіме і народу, згадаў, што за гады вайны многія храмы на тэрыторыі Беларусі былі спалены разам з мясцовымі жыхарамі, у тым ліку святарамі і іх сем’ямі. У завяршэнне, айцец Фама зазначыў, што для перамогі ў любой барацьбе патрэбна воля, а для яе – вера ў Бога. Нашы абаронцы ў час Вялікай Айчыннай вайны ішлі ў бой з верай ў Перамогу, з верай у Бога, уяўляючы перад вачыма аблічча Хрыста Спасіцеля і святы абраз. Каштоўным падарункам бібліятэцы ад пратаіярэя стала кніга Надзеі Драбышэўскай “Под покровом пречистой” з аўтографам пісьменніцы. Сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень у бібліятэцы сумесна з Радашковіцкім благачыннем Маладзечанскай епархіі і з благаслаўлення Прэасвяшчэннейшэга Паўла, епіскапа Маладзечненскага і Стаўбцоўскага, было арганізавана адкрыццё выставы ікон “Святло душы” мастака-іканапісца Ядвігі Сенько з удзелам аўтара. У свой час мастачка атрымала благаслаўленне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі Філарэта на напісанне копій усіх вядомых у праваслаўным свеце абразоў і карцін на хрысціянскую тэматыку. Як сказала сама аўтар: “Мэта маёй творчасці – прынесці чалавеку свет і радасць, падарыць надзею, што дабрата і прыгажосць, міласэрнасць, вера ў Бога выратуюць свет. Мэта майго жыцця – узвесці храм у душы”. Ядвіга Сенько жыве ў Маладзечне. Яе работы можна ўбачыць у многіх храмах Беларусі і за яе межамі. За апошнія 20 гадоў больш за 200 персанальных выстаў ікон і карцін прайшло ў гарадах Беларусі. У Радашковіцкай бібліятэцы выстава “Святло душы” будзе дэманстравацца да 30 ліпеня 2025 года, на ёй прадстаўлена 27 работ.








