Сёлета спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Пра жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры бібліятэкары пагаварылі з навучэнцамі 9 “Б” класа Радашковіцкай сярэдняй школы №1. Вядучыя распавялі аб каранях пісьменніка, аб яго дзіцячых і юнацкіх гадах, вучобе ва ўніверсітэце. На легендах і прытчах дзеда, яго ўспрыманні роднай прыроды вырас рамантызм і патрыятызм будучага пісьменніка. Дарэчы, дзед пісьменніка стаў прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане «Каласы пад сярпом тваім». Бібліятэкары падкрэслілі, што творчы багаж Уладзіміра Сямёнавіча вялікі і разнастайны: чатыры раманы, дзевяць аповесцей, дваццаць дзевяць апавяданняў, васемнаццаць казак, шэсць п’ес, сем сцэнарыяў. Бібліятэкары пералічылі галоўныя творы аўтара, спыніліся на асаблівасцях жанраў, інтрыгах зместу, галоўных героях і іх характарах. Выкарыстоўваючы прэзентацыю, дзецям паказалі кадры вядомых мастацкіх фільмаў паводле твораў Караткевіча, абмеркавалі сучасную экранізацыю рамана «Чорны замак Альшанскі» — фільм «Чорны замак», які выйшаў у 2024 годзе. Абмяркоўваючы творы пісьменніка, вучні пагадзіліся, што ўвайшоўшы ў літаратуру паэтам, Уладзімір Караткевіч стаў класікам як празаік. Лёс адмераў яму ўсяго няпоўныя пяцьдзесят чатыры гады. Але ён застаўся ў памяці душэўным лірычным паэтам, заснавальнікам гістарычнага дэтэктыва, нацыянальнага рамана, збіральнікам фальклору і аўтарам казак.




