24 студзеня спаўняецца 75 год з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Міхася Пазнякова, лаўрэата літаратурных прэмій і аўтара многіх кніг для дзяцей. Яго творы – своеасаблівая паэтычная энцыклапедыя навакольнага свету. Пісьменнік апявае прыгажосць і багацце роднай прыроды; усхваляе сяброўства, дабрыню, мары, захапленні, шчырыя адносіны паміж людзьмі. Вучыць любіць і шанаваць усё жывое, непаўторнае. 22 і 23 студзеня ў Радашковіцкай сярэдняй школе №1 бібліятэкар разам з вучнямі 3“В” і 4“В” класа адправіліся ў паэтычнае падарожжа па творчасці Міхася Пазнякова. Прагучалі розныя вершы, але тэма роднага краю застаецца найважнейшай. Амаль кожная з кніг, прадстаўленая вучням, акрамя вершаў змяшчае: загадкі, скарагаворкі, дражнілкі, лічылкі, смяшынкі, небыліцы і інш. З кнігі «Гульня слоў» былі прапанаваны дзецям некалькі заданняў, над якімі прыйшлося добра падумаць, каб адгадаць. Напрыканцы нашага падарожжа бібліятэкар паказала дзецям лэпбук “Святло дабрыні”, які поўнасцю прысвечаны творчасці аўтара. Дзеці засталіся ўражанымі ад таго, як можна зрабіць сваімі рукамі такую цікавую кнігу-раскладанку, адначасова гуляць і вывучаць творчасць пісьменніка.




