Акцыя «Кожная пятніца — роднае, сваё!», якая праходзіць у Беларусі, накіравана на папулярызацыю беларускай культуры, мовы і традыцый. Правядзенне нашага мерапрыемства, якое аб’ядноўвае фальклор і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ідэальна ўпісваецца ў канцэпцыю гэтай акцыі. Вяртанне да вытокаў нацыянальнай культуры і захаванне культурнай спадчыны Беларусі з’яўляюцца найважнейшымі задачамі сучаснай бібліятэкі. Для выканання пастаўленай задачы было вырашана правесці гэтае мерапрыемства з аб’яднаннем па інтарэсах — гуртком «Дэкор» пад кіраўніцтвам Ціханковай Вольгі Рыгораўны. Наша сустрэча праходзіла ва ўтульнай студыі гуртка, у сяброўскай атмасферы, што адпавядала нашай форме працы — фальклорная альтанка. Беларускую міфалогію бібліятэкар, Нядзвецкая Алена Леанідаўна, прадставіла як унікальны пласт народнай мудрасці, а тэхніку “выцінанка”, — выразанне ажурных узораў з паперы, як прызнаную гісторыка-культурную каштоўнасць краіны. Спалучэнне гэтых напрамкаў дазваляе дзецям адчуць самабытнасць роднага краю, пазнаёміць іх з персанажамі беларускай міфалогіі, такіх як Зюзя, Жыцень, Балотнік, Мара было першай задачай бібліятэкара. Да мерапрыемства была падрыхтавана яскравая прэзентацыя, якая падтрымала аповед вядучага. Навучыць асноўным прыёмам тэхнікі выцінанкі дапамагла кіраўнік гуртка «Дэкор» Ціханкова Вольга Рыгораўна, якая прапанавала вучням прыняць удзел у майстар-класе па вырабу выцінанкі. У выніку, выкарыстоўваючы толькі нажніцы і паперу ў дзяцей атрымалася кампазіцыя з сініх васількоў — сімвала нашай Беларусі. Папярэдне, дзецям распавялі легенду аб тым, што васілёк сімвалізуе вернасць, сумленнасць, дабрыню. Выразаючы кветкі з паперы, дзеці нібы стварылі часцінку неба, якое нагадвае нам аб прыгажосці роднай зямлі. Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі зрабілі выснову, што васілёк — гэта сімвал ідэнтычнасці і прыгажосці, які аб’ядноўвае старажытную гісторыю і сучаснае жыццё краіны і менавіта такія сімвалы называюць «Роднае, сваё!»