Наш гарадскі пасёлак Радашковічы – гэта не проста кропка на карце, а месца з дзіўнай шматвекавой гісторыяй, дзе літаральна кожная вуліца, пагорак ці бераг ракі захоўваюць свае таямніцы. Каб прыадчыніць заслону мінулага, бібліятэкар Нядвецкая Алена Леанідаўна арганізавала для дзяцей з выхаваўча-аздараўляльных лагераў незвычайныя па форме мерапрыемствы – фальклорна-краязнаўчую прагулку “Чароўны свет легендаў і паданняў” і фальклорна-краязнаўчыя экскурсіі “Паданні зямлі радашковіцкай”, якія праходзілі 5.06.2026, 11.06.2026, 12.06.2026, 13.06.2026. Удзельнікі сумясцілі прыемную пешую прагулку на свежым паветры з пагружэннем у багатую спадчыну беларускага фальклору. Маршрут пралягаў праз самыя маляўнічыя і гістарычна-значныя куткі Радашковіч. Крок за крокам экскурсанты адкрывалі для сябе пасёлак з зусім новага, містычнага боку. Спачатку ўзгадалі прыгожыя легенды пра паходжанне назвы нашага пасёлка, потым пра яго славутасці, пра заняткі насельніцтва і разважалі аб тым, як час мяняе твары не толькі людзей але і населеных пунктаў. Радашковіцкая зямля багатая на лясы і вадаёмы, таму нашымі “ нябачнымі спадарожнікамі” у гэтыя дні сталі персанажы беларускіх павер’яў – загадкавы Багнік, вадзяныя і русалкі, Хатнікі, Лазнікі і іншыя нячысцікі. Шпацыруючы па вуліцах, згадалі, што Радашковічы натхнялі на творчасць выбітных беларускіх дзеячаў – Янку Купалу, Язэпа Драздовіча, Максіма Танка і ўзнагародзілі вядомым псеўданімам Ядвігіна Ш. Фармат прагулкі дазволіў зрабіць краязнаўства жывым і інтэрактыўным. Удзельнікі не проста слухалі экскурсавода, але і самі ўзгадвалі народныя прыметы, звязаныя з сіламі прыроды, дзяліліся сямейнымі гісторыямі і легендамі, якія чулі ад бабуль і дзядуляў. Бібліятэка шчыра дзякуе ўсім, хто далучыўся да нашых падарожжаў, а Алена Леанідаўна абяцае, што наперадзе нас усіх чакае яшчэ шмат маршрутаў і дзіўных адкрыццяў.






