25.03.2026 бібліятэкары з дзецьмі са школьнага выхаваўча-аздараўляльнага лагера “Эказнайкі” адправіліся ў сапраўднае падарожжа ў часе. Нашы юныя госці змаглі не проста пабачыць мінулае, а літаральна дакрануцца да яго рукамі. Літаратурна-этнаграфічная экспазіцыя бібліятэкі «Бабуліна спадчына» стала месцам адкрыццяў для тых, хто хоча ведаць, як жылі нашы продкі. Падчас падарожжа дзеці пазнаёміліся з прадметамі, якія калісьці былі ў кожнай беларускай хаце. Бібліятэкары распавялі, як працавала верацяно і чаўнок, што такое валёк і пранік і якую таямніцу захоўвае бабулін куфар. Дзецям паказалі, як выглядае стары прас, драўляныя ночвы і гліняны посуд, якім карысталіся нашы продкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю разглядалі ўзоры на старадаўніх ручніках, вучыліся адрозніваць рэчы, зробленыя з любоўю і майстэрствам нашых прадзедаў.
Для таго, каб падарожжа было яшчэ больш захапляльным, дзеці паспрабавалі сябе ў ролі знаўцаў народнай мудрасці. Трэба было не толькі адгадаць загадкі пра хатнія рэчы, але і знайсці гэтыя прадметы на нашай экспазіцыі. Кемлівыя вучні змаглі справіцца нават з самымі складанымі пытаннямі.
Прадоўжылася мерапрыемства літаратурнай часткай. Урачыста і пранікнёна прагучаў знакаміты верш Я. Купалы “Спадчына”. Чытанне верша дапамагло дзецям зразумець: спадчына – гэта не толькі рэчы ў музеі, гэта тое, што мы носім у сваёй душы, наша мова і памяць.
Мы ўпэўнены, што пасля такога падарожжа кожны з удзельнікаў адчуў сябе часткай вялікага і працавітага народа з багатай гісторыяй.