Ці можа гісторыя ажыць? Ці можна пачуць голас мінулага не на старонках кніг, а ад чалавека, чыя сям’я калісьці будавала жыццё нашага мястэчка? 15.05.2026  у нашай бібліятэцы адбылася менавіта такая  — неверагодная і кранальная сустрэча, якая стала сапраўдным падарожжам у часе. Мерапрыемства “Часоў былых і новых повязь” сабрала тых, хто неабыякавы да сваіх каранёў і было пабудавана як жывы дыялог паміж мінулым і сучаснасцю. Галоўнай падзеяй вечара стала выступленне дачкі былых уладальнікаў мясцовай сядзібы Снітак Ірыны Уладзіславаўны Ніжанкоўскай. Праз яе ўспаміны перад прысутнымі паўсталі Радашковічы мінулага стагоддзя: побыт, выхаванне, сямейныя традыцыі, радасці і трагедыі, лёсы людзей, якія жылі ў нашым краі шмат гадоў таму і вельмі многа зрабілі для яго. Гэта былі не проста звесткі, а жывая памяць, напоўненая эмоцыямі і шчырасцю. Пасля перад гасцямі выступіў вядомы краязнаўца, пісьменнік і публіцыст Міхась Казлоўскі. Яго расповед, прасякнуты глыбокімі ведамі архіўных матэрыялаў, вызначаўся цудоўным валоданнем багатай беларускай літаратурнай мовай. Выступленне Міхася Міхасевіча не толькі пазнанаёміла прысутных з невядомымі цікавымі фактамі пра сям’ю Снітак, Веру Ніжанкоўскую і яе мужа Браніслава Тарашкевіча, але і стала ўзорам высокай маўленчай культуры, выклікаўшы захапленне слухачоў прыгажосцю роднага слова. Візуальным шэрагам стала ўнікальная выстава дзіцячых мастацкіх работ “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…”. На кантрастных карцінах можна ўбачыць старыя віды Радашковіч, адноўленыя паводле архіўных фотаздымкаў  і іх сучаснае аблічча. Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Палітра” Вольга Грыгор’еўна Ціханкова адзначыла, што работы даюць магчымасць прасачыць архітэктурную і ландшафтную эвалюцыю мястэчка, падкрэсліўшы каштоўнасць кожнага гістарычнага аб’екта. Сустрэча скончылася доўгім абмеркаваннем і словамі падзякі. Гісторыка-мастацкі альянс паказаў, што гісторыя Радашковіч – гэта не тое, што засталося ў мінулым, а тое, што жыве ў нас сёння: у нашых кнігах, у нашых карцінах, у нашай прыгожай роднай мове! Меропрыемства  суправаджалася  прэзентацыей аб сям’і Снітка.