16.05.2026 г. бібліятэкар Нядзвецкая Алена Леанідаўна правяла аглядную экскурсію “Шлях праз стагоддзі” для калектыву настаўнікаў Радашковіцкай сярэдняй школы №1 у рамках аўкцыёну педагагічных ідэй. У цэнтры ўвагі педагогаў стаяла адна з самых глыбокіх і актуальных тэм «Удасканаленне педагагічнай кампетэнцыі па духоўна-маральнаму развіццю і выхаванню навучэнцаў». Экскурсійны маршрут быў пабудаваны такім чынам, каб паказаць настаўнікам, як звычайная прагулка па родным пасёлку можа ператварыцца ў адзін з інструментаў духоўна-маральнага выхавання моладзі. Удзельнікі экскурсіі прайшлі па знакавых мясцінах Радашковіч – капліца святога Яна Непамука і брацкая магіла воінаў Вялікай Айчыннай вайны на мясцовых могілках; касцёл Святой Тройцы, дзе ў 1882 годзе хрысцілі Янку Купалу; памятны камень гарадзішча на вуліцы Заслаўскай і памятны камень Ядвігіну Ш. — беларускаму празаіку, публіцысту, драматургу, паэту, перакладчыку, літаратурнаму крытыку, аднаму з заснавальнікаў беларускай мастацкай літаратуры. Настаўнікі абмеркавалі, як на прыкладзе гісторыі храмаў можна выхоўваць у дзецях павагу да веры продкаў, міласэрднасць і ўнутраную культуру, а праз любоў да роднага слова фармаваць пачуццё шчырага патрыятызму. Падчас мерапрыемства бібліятэка паспяхова даказала, што з’яўляецца надзейным партнёрам школы ў пытаннях выхавання асобы. Педагогі атрымалі рэкамендацыі па арганізацыі экскурсій і інтэрактыўных класных гадзін. Настаўнікі, у сваю чаргу, далі высокую адзнаку якасці правядзення агляднай экскурсіі і адзначылі, што такі жывы фармат натхніць дзяцей самастойна шукаць адказы на складаныя маральныя пытанні.